Як узніклі нашы дзяржаўныя сімвалы?

Нашы ciмвалы маюць багатую гiсторыю. Яшчэ ў старажытнасці, каб адрозніць сваіх ад чужынцаў у часе збройных сутычак, ужывалі знакі-сімвалы. У славянскіх плямёнаў такімі знакамі былі кавалкі пераважна чырвонай тканіны на дрэўку — сцягі, або харугвы. Каб не блытацца з аднаколернымі сцягамі, на іх малявалі асабістыя князеўскія знакі, што звычайна паходзілі з паганскай сімволікі. Беларускія войскі і княская ўлада ў полацкім перыядзе нашае гісторыі таксама карысталіся чырвонымі харугвамі. Праўда, мы не ведаем, якія знакі-гербы былі на іх. Гэта маглі быць выявы хрысціянскіх святых ці полацкі варыянт «Трызуба». У першай палове ХІІІ стагоддзя на заходняй частцы Полаччыны пачало фармавацца Вялікае Княства Літоўскае як працяг старажытнай дзяржаватворчай традыцыі беларускага народа. Успрыняўшы полацкую палітычна-эканамічную і культурную спадчыну, князі новае дзяржавы па-ранейшаму карысталіся чырвонымі сцягамі. А пачынаючы з Гедзіміна іх дынастыя мела за герб відазменены «Трызуб» полацкіх Рагвалодавічаў, які пазней атрымаў найменне «Калоны» («Калюмны»).