Яўген Вапа: БАС – гэта беларускі астравок свабоды

Беларускае аб’яднанне студэнтаў у Польшчы адзначае 30-годдзе свайго існавання. Арганізацыя ўзнікла ў 1981 годзе, перадае «Радыё Рацыя». У камуністычныя часы студэнты некалькі разоў спрабавалі зарэгістраваць аб’яднанне, але дамагліся гэтага ад улады толькі ў канцы 1988 года. Кажа першы старшыня Беларускага аб’яднання студэнтаў Яўген Вапа:– З перспектывы часу гэтыя 30 гадоў праляцелі маланкава. Так ёсць з чалавечым жыццём, што памятаеш даўнейшае, а не ўчорашняе. Падзеі, якія фармавалі мяне як асобу, нас, нашае пакаленне, застаюцца на ўсё жыццё. Тыя падзеі пакінулі вялізны след на нашым далейшым жыцці. Выбар на карысць беларускасці і БАСа быў важным. Беларускае аб’яднанне студэнтаў можна таксама расшыфраваць як Беларускі астравок свабоды. Гэта тое, што дало Беларускае аб’яднанне студэнтаў беларусам у Польшчы, а таксама беларускай прасторы на ўсім свеце. Гэта феномен беларускай меншасці ў сацыялістычнай Польшчы, які быў запачаткаваны ў 80-х гадах па-за межамі сваёй духоўнай Бацькаўшчыны.