Случчакі адстойваюць права на шэсці пад нацыянаьнымі сцягамі

Мірны сход у Слуцку прайшоў па-людску? Набліжаецца 70-я гадавіна прыняцця Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека. Сёння мы пагаворым аб адным з асноўных правоў чалавека, абвешчаных Дэкларацыяй, — свабодзе мірных сходаў, піша spring96. org. Свабода мірных сходаў абвяшчаецца і Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь у артыкуле 35. Яна рэгламентуецца шматлікімі іншымі міжнароднымі і нацыянальнымі актамі. Здавалася б, пры такім вялікім прававым рэгуляванні не павінна ўзнікаць розначытанняў гэтай свабоды, аднак гэта далёка не так. У мэтах аднастайнага разумення гэтай свабоды Бюро АБСЕ па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека (БДІПЧ) прыняла ў 2011 годзе ўжо 2-е выданне кіруючых прынцыпаў па свабодзе мірных сходаў, дзе вызначаны міжнародныя стандарты ў гэтай галіне. Аднак, прааналізаваўшы падканстытуцыйны Закон Рэспублікі Беларусь Аб масавых мерапрыемствах і існуючую практыку па рэалізацыі гэтай свабоды ў нашай краіне, узнікае шмат пытанняў аб правільнасці разумення гэтага фундаментальнага права беларускімі органамі ўлады.