Слонімцы сабралі больш за 300 подпісаў у падтрымку палаца Пуслоўскіх

Cябры Слонімскага згуртавання дэмакратычных сіл спадзяюцца, што чыноўнікі звернуць увагу на сённяшні стан палаца Пуслоўскіх. За тыдзень сябры Слонімскага згуртавання дэмакратычных сіл сабралі 324 подпісы пад калектыўным зваротам “Выратуем палац Пуслоўскіх у Альбярціне”. Намеснік старшыні грамадскага аб’яднання “Мінолс” Віктар Марчык адаслаў звароты ў Слонімскі райвыканкам, Гарадзенскі аблвыканкам і Міністэрства культуры Беларусі. У звароце паведамляецца, што мы, жыхары Слоніма і Слонімскага раёна, звяртаемся да вас з просьбай прыняць неабходныя меры дзеля ўратавання архітэктурнага помніка першай паловы XIX стагоддзя – палаца Пуслоўскіх у мікрараёне Альбярцін горада Слоніма, паведамляе “Радыё Рацыя”. Дзякуючы Войцеху Пуслоўскаму ў першай палове XIX стагоддзя ў маёнтку Альбярцін былі пабудаваны палац, флігель, стайня, закладзены парк, адкрыта шмат прадпрыемстваў.