Прадстаўнікі ўлады пакрыўдзіліся

У Беларусі касцюм ліса пад забаронай. Хутка Каляды. А гэта значыцца, што многія задумваюцца пра калядныя карнавальныя касцюмы. Аднак выпадак у Берасці, калі мясцовага актывіста затрымалі за касцюм ліса, паказаў, што не ўсё можна апранаць. Нагадаю, чалавек-ліс прыйшоў на плошчу Леніна, дзе праходзіла акцыя супраць будаўніцтва ў Берасці акумулятарнага завода. Актывіст Канстанцін Астапук у касцюме раставой лялькі раздаваў шарыкі дзецям. Аднак ліс у вобласці, відаць, мусіць быць толькі адзін. Бо Ліс – гэта прозвішча старшыні Берасцейскага аблвыканкама. І чалавека-ліса затрымалі ды змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання. У сувязі з гэтым паглядзелі прозвішчы «дэпутатаў» і чыноўнікаў у выканкамах, каб скласці спіс тых касцюмаў, якія лепей не апранаць на Каляды. А тое раптам камусьці таксама штосьці падасца. І давядзецца тады навагоднія святы ў ізалятары праводзіць. Добрая навіна для калядоўшчыкаў. Паляванне на казу сёлета адмяняецца. Дзякуй Богу, коз у структуры ўладаў няма.