Гiсторыя беларускіх гімнаў

Беларуская нацыя мае два гімны — дзяржаўны і духоўны. Гімны нацыі, дзяржавы, краіны пішуцца, як вядома, не па заказе, а самой гісторыяй. Прытым сам факт з’яўлення гімна можа быць выпадковай падзеяй, неадпаведным вершам і мелодыяй, але, трапіўшы ў гістарычны кантэкст народа, твор становіцца яго гімнам. Вядома, напрыклад, гісторыя французскай салдацкай песні “Марсельеза”, што стала гімнам Францыі, ці мазуркі “Ешчэ польска не згінэла” — з 1918 года дзяржаўнага гімна Польшчы. Дзяржаўны заказ на стварэнне гімна — блюзнерства. Што з гэтага атрымліваецда, добра відаць на прыкладзе гімнаў СССР і так званых “рэспублік свабодных”. Гімны найчасцей ствараюцца ў барацьбе за нацыянальна-культурнае. дзяржаўнае і духоўнае адраджэнне нацыі і выбіраюцца народам, які змагаецца за сваю волю і лепшую долю. На пачатку XX стагоддзя гімнам Беларускага адраджэння найчасцей гучаў верш Янкі Купалы “А хто там ідзе…” на музыку Людаміра Рагоўскага. Ён так і называўся — “Беларускі гімн”. Пазней, пасля ўтварэння Беларускай Народнай Рэспублікі, ужо ў 20-х гадах шырока распаўсюдзіўся гімн “Мы выйдзем шчыльнымі радамі” паводле верша Макара Краўцова.