Як 100 год таму на Віцебшчыне пачалося буйнае антысавецкае паўстаньне

Яно вядомае як Вяліскае паўстанне. 10 лістапада 1918 года ў Вяліжы і ў іншых частках Віцебшчыны пачалося буйнае антысавецкае паўстаньне, вядомае як Вяліскае паўстаньне, паведамляе radabnr. org. Незадоўга перад гэтым бальшавікі занялі Вяліж (цяпер у Смаленскай вобласьці Расеі) і пачалі мабілізацыю насельніцтва ў Чырвоную Армію для адпраўкі на франты грамадзянскай вайны ў розных частках былое Расейскае Імпэрыі. У Вяліжы мабілізаваныя маладыя сяляне адмовіліся ісьці на фронт і амаль усе пакінулі мястэчка. Таксама быў падпалены дом, дзе жылі бальшавіцкія прадстаўнікі. Бальшавікі пачалі кідаць у турму тых, хто застаўся, а таксама месьцічаў, якія актыўна выказвалі нязгоду зь іхнай палітыкай. Дэзэртэры расстрэльваліся. Пачуўшы пра зьверствы бальшавікоў, мабілізаваныя разам са сваякамі і знаёмымі рушылі на горад, каб вынішчыць савецкую ўладу. У рух прыйшло да 50 тыс. чалавек. Ад 11 да 17 лістапада 1918 г. амаль уся Віцебская губэрня была ахоплена стыхійнымі паўстаньнямі. Антысавецкія паўстаньні таксама разгараліся ў паветах Смаленскай губэрні (Парэцкім, Бельскім) і таксама ў аддаленай Магілёўскай губэрні.