Сяргей Навумчык прэзэнтаваў кнігу «Дзевяноста трэці» ў родным Віцебску

Падзеі 1993 года былі вызначальнымі і для цяперашняй Беларусі. Дзяцінства і юнацтва Сяргея Навумчыка, журналіста і аўтара новай кнігі «Бібліятэкі Свабоды», прайшло якраз у Віцебску. Тут ён працаваў у абласной газэце і займаўся грамадзкай дзейнасьцю. Таму знаёмства віцебскіх чытачоў з кнігай «Дзевяноста трэці» аўтар падкрэсьлена называе не прэзэнтацыяй, а сяброўскай сустрэчай з даўнімі і новымі знаёмымі, паведамляе «Радыё Свабода». Пра сустрэчу зь віцебскімі чытачамі шырока не абвяшчалася, але ў арт-пабе «Торвальд» сабралася шмат старых сяброў Сяргея, якія зналі яго задоўга да пераезду ў Прагу. Гэтым разам у Віцебск Сяргей прыехаў з жонкай Галінай, прыйшла яна і на сустрэчу зь віцяблянамі. Былі і бацькі Сяргея, Ёсіф Адамавіч і Роза Ягораўна — яны заўжды падтрымліваюць сына ў творчасьці і падзяляюць ягоныя погляды. Сустрэча пачалася нетрадыцыйна: з таго, чым падобныя імпрэзы традыцыйна сканчаюцца — з аўтографаў на новай кнізе, якую аўтар падараваў кожнаму з прысутных.