Палута Бадунова — першая жанчына-пісьменьніца БНР

У лістападзе ў Вільні мае выйсьці з друку першая кніга твораў Палуты Бадуновай. Гэтым будзе вернуты зь нябыту яшчэ адзін яскравы талент першай сакратаркі-міністаркі ўраду Беларускай Народнай Рэспублікі, паведамляе «Радыё Свабода». «У палату № 3 Нясьвіскае мястовае бальніцы ўвайшлі двое людзей — мужчына гадоў пад сорак пяць і кабета, на выгляд ужо старая, нават трохі згорбленая, мо ад хваробы, мо ад цяжкае працы. Твар кабеты быў зруйнаваны глыбокімі, як барозны ў полі, маршчакамі. Жывыя шэрыя вочы паглядалі вакол сябе з задзіўленьнем і страхам. Вопратка ўвайшоўшых людзей была беларуская вясковая. Адразу хворыя, якія ляжалі ў палаце, зразумелі, што мужык жонку прывёз на апэрацыю. «Рэзаць будуць», — нехта шапнуў у кутку». Гэтак пачынаецца аповед Палуты Бадуновай «Сьмерць мачыхі», які падпісаны аўтаркай «Нясьвіж, марэц 1923 г. ». У кнізе яшчэ два аповеды — «Сьмяюцца . . . над сабою» і «Думкі парабка». Сшытак з гэтымі творамі, напісанымі прыгожым настаўніцкім почыркам, знайшоў у бібліятэцы Ўрублеўскіх Акадэміі навук Літоўскай рэспублікі гісторык Уладзіслаў Гарбацкі.