Як скласці радавод да дзясятага калена?

Парады беларуса, які змог. Мікіта Волкаў займаецца генеалогіяй восем гадоў. За гэты час ён: ліставаўся з КДБ, рабіў ДНК-экспертызу, пасябраваў з ЗАГСам і ваенкаматам, працаваў у васьмі архівах трох краін. Дайшоў да дзясятага калена па бацькавай лініі (1735 год!) і да восьмага – па матчынай. Паралельна знайшоў кучу родзічаў у сучаснасці і пераасэнсаваў сябе самога. Як ішлі росшукі? Што яны далі? І з чаго пачаць, калі вас цікавіць генеалогія? Мікіта распавёў пра ўсё. ЯК ГЭТА ПАЧАЛОСЯЯ быў вельмі блізкі да сваёй прабабкі. І калі яна адышла, я зразумеў, што апынуўся ў пустцы. З’явілася кампенсаторная рэакцыя – стаў цікавіцца беларускай мовай і літаратурай увогуле. Асабліва цікавілі кнігі да 1930-х гадоў – Платон Галавач, Зарэцкі, Гарэцкі… Там у асноўным напісана пра калектывізацыю і калгасы, але сама мова, атмасфера былі вельмі мне блізкія. Толькі праз пару гадоў наважыўся пайсці ў Нацыянальны гістарычны архіў. З чаго пачаць – не ведаў. Дапамагла супрацоўніца архіва.