«Партызанская школа»: як Коласаўскі ліцэй пражыў 15 гадоў у падпольлі

Тут усё ня так, як у звычайнай школе. Пачатак і заканчэньне ўрокаў «адбіваюць» дзедаўскім спосабам — ручным званочкам. Настаўнікі раніцай чысьцяць і вараць бульбу, каб у абед сесьці за агульны стол. Падчас заняткаў у клясу можа зайсьці кот і ляніва расьцягнуцца пад партай. Гэта Беларускі гуманітарны ліцэй, які апошнія паўтара дзясятка гадоў вымушана працуе ў падпольлі, паведамляе «Радыё Свабода». Як усё пачыналася Двойчы на год — 1 верасьня і 15 студзеня, на дзень заснаваньня ліцэю, — выкладчыкі і навучэнцы ладзяць лінейкі з выкананьнем ліцэйскага гімну каля суду Цэнтральнага раёну Менску, дзе колісь месьцілася іх навучальная ўстанова. На пачатку 1992 году, калі дзялілі партыйную маёмасьць, калектыву афіцыйна перадалі будынак па вуліцы Кірава, 21, і ўжо на наступны дзень там пачаліся заняткі. Цяпер жа ў былых клясных пакоях судзяць — у тым ліку колішніх навучэнцаў, за палітычную і грамадзкую актыўнасьць. Праблемы ў ліцэістаў паўсталі з прыходам да ўлады Аляксандра Лукашэнкі.