Зянон Пазняк: Улады будуюць у Курапатах помнiк раздору

Адкрывальнік Курапатаў - пра «двуххадоўку ўладаў». Адкрывальнік Курапатаў, старшыня Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ у камэнтары «Свабодзе» выказаў сваё стаўленьне да памятнага знаку, які ўлады плянуюць усталяваць у Курапатах, месцы масавых расстрэлаў карнікамі НКВД. — Зянон Станіслававіч, ведаю, што вы пільна адсочваеце сытуацыю ў Курапатах, глядзіце стрымы Свабоды. Апошнія дні ва ўрочышчы пачаліся будаўнічыя працы, і вядзецца падрыхтоўка для ўстаноўкі афіцыйнага мэмарыяльнага знаку, праект якога перамог у конкурсе Міністэрства культуры. Якая ваша ацэнка?— Усе гэтыя мастакі — ахвяры той палітыкі, якая робіцца бязь іх. Мастакі стараліся, нешта хацелі прыстасаваць, але ўся справа ў тым, што там гэта не патрэбна. Асноўны віноўнік — той рэжым, якога не відаць. Усё звалена на Міністэрства культуры. Але ізноў жа адчуваецца, што гэта ня столькі іх рашэньне, колькі яны выконваюць рашэньне зьверху. Тыя людзі, якія 24 гады стараліся зьнішчыць Курапаты, якія рабілі ўсё магчымае, каб іх прывесьці ў такі стан, каб пра іх ніхто ня ведаў.