Апошні «рэферэндум» Лукашэнкі

Як дыктатар канчаткова стаў нелегітымным. Чатырнаццаць гадоў таму адбыўся рэферэндум, які змяніў Канстытуцыю Беларусі і дазволіў Аляксандру Лукашэнку абірацца на пасаду прэзідэнта неабмежаваную колькасць разоў. Вынікі народнага галасавання за ўзурпацыю ўлады былі названы элегантнымі і ашаламляльнымі. Пытанне рэферэндуму было пастаўлена так: «Ці дазваляеце вы першаму прэзідэнту Рэспублікі Беларусь Аляксандру Рыгоравічу Лукашэнку ўдзельнічаць у якасці кандыдата ў прэзідэнты Рэспублікі Беларусь у выбарах прэзідэнта і ці прымаеце частку першую артыкула 81 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь у наступнай рэдакцыі: “Прэзідэнт абіраецца на пяць гадоў непасрэдна народам Рэспублікі Беларусь на аснове ўсеагульнага, свабоднага, роўнага і прамога выбарчага права пры тайным галасаванні?”». Гэты крок афіцыйнага беларускага лідара быў чаканы. Наўрад ці можна было сумнявацца, улічваючы прагу Аляксандра Лукашэнкі да ўлады, што ён добраахвотна сыдзе з пасады.