Алесь Чахольскі: Наша пазіцыя па Курапатах была засведчана: гэтага рабіць нельга

Улады не ўлічваюць меркаванні грамадскасці адносна будаўніцтва новага помніку на тэрыторыі мемарыялу. Будаўнічыя працы ў мемарыяле ахвярам сталінскіх рэпрэсіяў Курапаты працягваюцца. А гэта значыць, што ўлады не ўлічваюць меркаванні грамадскасці адносна будаўніцтва новага помніку на тэрыторыі мемарыялу, – кажа «Радыё Рацыя» адказны сакратар управы Кансерватыўна-Хрысціянскай партыі БНФ, кіраўнік грамадскай дырэкцыі народнага мемарыялу Курапаты Алесь Чахольскі:– Мы прысутнічаем тут пры чарговай спробе ўладаў улезці ў мемарыял, а за гэтым стаіць яго знішчэнне. Нараніцу тут была шырокая нарада, былі прадстаўнікі і мінкульта, і ўладаў, і заказчыкі – афіцыйныя прафсаюзы, і Баразна быў, кіраўнік мастацкай рады. Наша пазіцыя была засведчана. Усё было сказана, што гэтага нельга рабіць. Аўтары гэтага памятнага знака самі прапанавалі паставіць яго не на пагорку, а каля межаў мемарыялу. Па словах Алеся Чахольскага, ён раней і сам вылучаў падобную прапанову. І нішто не перашкаджае гэта зрабіць.