Актывіст з Гомля зьвярнуўся ў амбасаду Ўкраіны з-за апаганьваньня магілы Міхася Жызьнеўскага

Вандалы неаднаразова псавалі помнік героя. Актывіст АГП Уладзімер Кацора зьвярнуўся ва ўкраінскую амбасаду з нагоды апаганьваньня магілы Героя Ўкраіны Міхася Жызьнеўскага, пахаванага пад Гомлем. Вандалы неаднаразова псавалі помнік героя, паведамляе «Радыё Свабода». «Хацелася б, каб на гэтую сытуацыю зьвярнуў увагу Пятро Парашэнка падчас візыту ў Гомель. Яшчэ лепш, каб ён пабываў на магіле Героя Ўкраіны», — лічыць актывіст, які перадаў адпаведны зварот праз амбасаду Ўкраіны. Пятра Парашэнку чакаюць у Гомлі падчас форуму рэгіёнаў Беларусі і Ўкраіны 25-26 кастрычніка. На магіле Міхася Жызьнеўскага Гамяльчук Міхась Жызьнеўскі быў адным зь першых забітых на Майдане ўзімку 2014 году. Яго пахавалі ў вёсцы Сьцяг Працы Гомельскага раёну. Дэмакратычная супольнасьць сабрала сродкі на помнік, які стварыў скульптар Алесь Шатэрнік. Невядомыя псавалі вянкі на магіле, зразалі стужкі з украінскім сьцягам. У 2015 годзе на гранітным манумэнце вострым прадметам было надрапана па-расейску «Предатель».