Айцец Леанід Акаловіч: Беларускім праваслаўным вернікам патрэбны свой томас

Беларуская царква мела свой досьвед аўтакефаліі. Сьвятар не зарэгістраванай у Менску Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы Леанід Акаловіч у інтэрвію «Радыё Свабода» вітаў навіны з Усясьветнага патрыярхату, які зрабіў чарговыя крокі да стварэньня самастойнай Украінскай праваслаўнай царквы. Сынод Усясьветнага патрыярхату падчас сэсіі 9–11 кастрычніка ў Стамбуле вывеў Украінскую праваслаўную царкву з падпарадкаваньня маскоўскага патрыярхату і пацьвердзіў, што УПЦ будзе нададзеная аўтакефалія. Томас украінскай царкве надасьць сіл беларускім прыхільнікам аўтакефаліі«Канечне, трэба віншаваць украінскі народ і Ўкраінскую праваслаўную царкву з гэтым доўгачаканым паваротам да поўнай самастойнасьці. Больш за 300 год яны пакутавалі ад маскоўскіх цароў і імпэратараў, за савецкім, а цяпер і за пуцінскім часам, і вось сапраўды наблізіліся да аўтакефаліі», — кажа айцец Леанід Акаловіч. Паводле сьвятара Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы, рашэньне, абвешчанае ў Стамбуле, надасьць сілы беларускім праваслаўным вернікам у змаганьні за сваю незалежнасьць ад Рускай праваслаўнай царквы.