Як народ дбае пра сваю мову

Каталёнія дае станоўчы прыклад. Леташняя спроба каталёнцаў праз рэфэрэндум абвясьціць незалежнасьць ад Гішпаніі скончылася арыштамі мясцовых палітыкаў, скасаваньнем на некалькі месяцаў рэгіянальнай аўтаноміі і наўпроставым кіраваньнем з Мадрыду. Але каталянская мова мае тут статус і падтрымку, якім могуць пазайздросьціць носьбіты беларускай. Усе прадметы ў грамадзкіх школах выкладаюць толькі па-каталянску. Выключэньне — 2 ці 3 гадзіны на тыдзень гішпанскай мовы, а таксама 3 ці 4 гадзіны замежнай мовы. Звычайна гэта ангельская. Карэспандэнт Радыё Свабода наведаў школу каля Барсэлёны, каб пабачыць, як працуе «акунаньне ў мову», а таксама пагутарыў зь беларускімі дзецьмі, якія жывуць у Каталёніі. Школа La Carpa месьціцца ў муніцыпалітэце Асьпіталет, прадмесьці Барсэлёны. Каля школьнай брамы натоўп бацькоў і дзяцей. Непадалёк на ходніку дзеляць гамбургер зялёныя папугаі, якіх тут мноства. У гэтай школе вучацца дзеці ад 3 да 12 гадоў.