Беларускі Салжаніцын: 105 гадоў з дня нараджэння Сяргея Грахоўскага

Паэт з’яўляецца аўтарам верша «Ветразь», дзе наўмысна ня ўжытае ніводнае слова, якое было б сугучнае з словам у расейскай мове. Не ведаю, як у цяперашняй школьнай праграме, а маё пакаленне з творчасцю Сяргея Грахоўскага знаёмілася менавіта на ўроках беларускага чытання і літаратуры. Яго вершы неяк адразу арганічна закладваліся ў памяць, вылучаліся звонкасцю і аптымізмам. Насамрэч жа жыццё гэтага літаратара было вельмі няпростым, піша Уладзімір Хільмановіч для harodniaspring. org. Нарадзіўся Сяргей Грахоўскі 25 верасня 1913 года ў сялянскай сям’і ў мясціне з красамоўнай назвай Нобель (цяпер Зарэчненскі раён Ровенскай вобласці, Украіна). У 1914-ым разам з бацькамі пераехаў у мястэчка Глуск на Магілеўшчыне. Як творца дэбютаваў вершам у 1926 годзе. У 1930-ым пачаў працаваць рабочым на Бабруйскім дрэваапрацоўчым камбінаце. У 1931-32 гг. працаваў карэктарам у Дзяржвыдавецтве БССР, у газеце “Чырвоная змена”. Скончыў газетна-выдавецкае аддзяленне літаратурнага факультэту Мінскага педагагічнага інстытута (1935), працаваў рэдактарам на Беларускім радыё, выкладчыкам літаратуры на рабфаку пры БДУ.