«Калі ты выхоўваеш дзяцей для гэтай краіны, хочацца, каб нехта гэта заўважаў»

Жанчына без грамадзянства пра Беларусь, дзяцей і пашпарт. Наталля Кулаковіч жыве ў Малых Арлах — вёсцы, што знаходзіцца непадалёк ад Століна. Калі мы спрабуем знайсці дом жанчыны, то пытаем у мінакоў, як называецца галоўная вуліца, піша Таццяна Ашуркевіч для onliner. by. «Савецкая? Дык вунь яна», — паказваюць мясцовыя з нейкім непаразуменнем. Маўляў, хіба можа яна называцца інакш? Мы згаджаемся і едзем далей. Нарэшце знаходзім вялікі двор, па якім тры хлапчукі ганяюць котку. Недзе здалёк крычыць каза, побач корпаюцца індыкі. На ганак выходзіць Наталля, і дзеці гуртам кідаюцца да яе: мама праводзіць з імі ўвесь дзень — «адпачыць няма калі». Жанчына кажа, што паміж ёй і яе маленькімі хуліганамі ёсць адрозненне: яны беларусы. А кім з’яўляецца іх мама, дагэтуль невядома. Наталля — асоба без грамадзянства. І такіх, як яна, у Беларусі каля 6000 чалавек. — Можа, і мяне калі-небудзь назавуць беларускай. Я ж хачу з дзецьмі нароўні быць. А каб атрымаць гэты статус, то трэба кідаць іх дома адных і ісці працаваць.