Першакласнікі белліцэя ў Бельску Падляшскім склалі вучнеўскую прысягу

69 першакласнікаў склалі вучнёўскую прысягу ў ліцэі з беларускай мовай навучання імя Браніслава Тарашкевіча. 69 першакласнікаў склалі вучнёўскую прысягу перад школьным сцягам у II Агульнаадукацыйным ліцэі з беларускай мовай навучання імя Браніслава Тарашкевіча ў Бельску Падляшскім, паведамляе «Радыё Свабода». «Колькасць вучняў, якія прыйшлі ў першыя класы не максімальная, але і гэта нядрэнны вынік», – кажа дырэктар школы Андрэй Сцепанюк: – На некалькі асобаў магло быць больш, але трэба ясна сказаць, што ёсць тры класы, у чатырох напрамках надалей вучым, 69 асобаў вучыцца. Так што, думаю, умовы працы будуць вельмі добрыя, і спадзяюся, што ўсе тыя, якія пачалі, таксама і закончаць навуку ў нашым ліцэі і будуць здаваць матуральны экзамен. У гэтым ліцэі экзамен на атэстат сталасці па беларускай мове ў ліку абавязковых.