Рада БНР: «Пагоня» і бел-чырвона-белы сцяг – дзяржаўныя сымбалі Беларусі

І ў гэтым статусе яны павінны быць адноўлены афіцыйна. 19 верасьня 1991 г. рашэньнем Вярхоўнага Савету Рэспублікі Беларусь герб «Пагоня» і бел-чырвона-белы сьцяг, якія былі дзяржаўнымі сымбалямі Беларускай Народнай Рэспублікі, былі прынятыя ў якасьці дзяржаўнае сымболікі Рэспублікі Беларусі, піша сайт Рады БНР. Эскіз гербу «Пагоня», прынятага ў якасьці дзяржаўнага гербу Рэспублікі Беларусь у 1991 годзе, распрацавала група мастакоў на чале зь Яўгенам Куліком. Гімнам Рэспублікі Беларусь заставалася мэлёдыя гімна БССР кампазытара Несьцера Сакалоўскага, але без словаў. Адначасова ў гэты дзень была афіцыйна зацьверджаная новая назва беларускай дзяржавы – Рэспубліка Беларусь, скарочана – Беларусь. Пастанаўлялася выкарыстоўваць гэтую назву (Belarus) на ўсіх мовах сьвету. Дзяржаўны статус нацыянальных беларускіх герба і сьцяга быў фармальна скасаваны на рэфэрэндуме 1995 года, які быў арганізаваны і праведзены з грубымі парушэньнямі і таму ня мае юрыдычнае сілы. Рада БНР, як шматразова адзначалася ў адпаведных заявах, выступае за аднаўленьне ў Рэспубліцы Беларусь дзяржаўнай сымболікі, зацьверджанай рашэньнем Вярхоўнага Савету Беларусі ад 19 верасьня 1991 г.