Павел Севярынец: Ужо зараз бачна, што абарона Курапатаў дае вынікі

Палітык распавёў пра далейшыя дзеянні актывістаў курапацкай варты. Будзе працягнута варта каля рэстарану „Поедем поедим”, – кажа сустаршныя Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Павел Севярынец, перадае racyja. com. Гэтая забаўляльная ўстанова пачала працу больш за 3 месяцы таму ў былой ахоўнай зоне мемарыялу ахвярам сталінскіх рэпрэсіяў Курапаты. Па словах Севярынца, варта каля рэстарану, якая працягваецца з моманту яго адкрыцця, прынесла свой поспех, – адбываецца народны байкот. Гэтую ўстанову наведваюць адзінкі. – Ужо зараз бачна, што менш людзей кожнага дня туды прыязджае менавіта паесці. Менш прадуктаў завозіцца. Мы гэта ўсё фіксуем. Але наша мэта, каб туды проста не ездзілі, каб гэты рэстаран не працаваў. Мы прынялі рашэнне што мінімум да Дзядоў мы варту працягваем у тым фармаце, якая яна ёсць. Не будзем скарачаць ніводнага дня: па-ранейшаму працуе рэстаран – стаіць варта. На наступным тыдні ў панядзелак а 12-й гадзіне мы праводзім у Курапатах прэс-канферэнцыю аб байкоце рэстарана “Поедем поедим».