Як беларуска знайшла шчасьце ў Лібане

I нават прывезла ў Беларусь мошчы сьвятога Шарбэля. «Дзяўчаты часта не ўяўляюць, што іх можа чакаць наперадзе. Толькі калі трапляюць на чужыну, разумеюць, наколькі складана жыць у рэлігійным асяродзьдзі. Таму варта ўзважваць загадзя: за каго выходзіш і куды едзеш». Мянчанка распавяла «Радыё Свабода» пра адметнасьці жыцьця на Блізкім Усходзе. «Муж сказаў: займайся дзецьмі, каб ані ў чым ня мелі патрэбы»Вольга Хабр (у дзявоцтве Грыдзіна) апошнія 15 гадоў жыве ў Лібане. З будучым мужам Алексам пазнаёміліся ў Італіі: яна студэнтка, ён ужо тады пасьпяховы прадпрымальнік, займаўся вытворчасьцю прадукцыі з каменнай крошкі — стальніцы, ракавіны, падлогі для жылых дамоў, гатэляў, офісаў. Сустрэча аказалася лёсавызначальнай. Сёньня беларуска-лібанская пара гадуе дзьвюх дачок: Сафіі 13 гадоў, Сашы — 10. «Калі выйшла замуж, інстытут паступова закінула, — расказвае Вольга. — Шчыра скажу: адпала жаданьне „імітаваць працэс“. Я вучылася на юрыста, а ў арабскім сьвеце, як пераканалася, зусім іншыя правілы.