Віктар Дашук: Мару дажыць да 100 гадоў і зьняць фільм па маім новым рамане

Сёння рэжысэру спаўняецца 80 гадоў. 16 верасьня спаўняецца 80 гадоў Віктару Дашуку — выбітнаму беларускаму кінарэжысэру-дакумэнталісту, народнаму артысту, ляўрэату Дзяржаўнай прэміі СССР, шматлікіх міжнародных кінафэстываляў, народнаму артысту БССР. Цягам апошніх 25 гадоў беларускія ўлады яго проста не заўважаюць. Забыўся пра існаваньне выбітнага рэжысэра і «Беларусьфільм», якому Віктар Дашук аддаў больш за 30 год свайго жыцьця, перадае Радыё Свабода. Віктарам Дашуком па ўласных сцэнарах зьнята больш за 80 твораў, у тым ліку некалькі лірычных мастацкіх фільмаў пра каханьне («Двое на востраве сьлёз», «Салодкі яд каханьня»). Дашук — пачынальнік сэрыялаў у дакумэнтальным кіно («Я з вогненнай вёскі», «У вайны не жаночы твар»). Некаторыя зь яго фільмаў забароненыя ў Беларусі («Ноч доўгіх нажоў», «Рэпартаж з клеткі для трусоў» — пра палітычныя забойствы і злачынствы ў Беларусі). Напярэдадні юбілею Віктар Дашук пагадзіўся паразважаць на Свабодзе пра сучаснае мастацтва, дакумэнтальнае кіно, прыгожых жанчын, а таксама пра бульбу і памідоры.