Легендарныя «беларускія» дамкі ў Вільні зьнесьлі, каб збудаваць жылы комплекс

Віленскія ўлады далі дазвол на будаўніцтва двух жылых дамоў з элітнымі кватэрамі на вуліцы Жыгімонтаў. Пра гэта пішуць літоўскія мэдыя. Такім чынам завяршаецца гісторыя нацыянальнага асяродку, дзе на пачатку 1990-х віравала беларускае жыцьцё, працавала рэдакцыя адроджанай «Нашай нівы», пiша «Радыё Свабода». Згодна з праектнай дакумэнтацыяй, падрыхтоўчыя работы пачнуцца ўжо гэтай восеньню, завершыць іх мяркуюць у 2020 годзе. Інвэстыцыі кампаніі-забудоўніка Rewo складуць амаль 17 мільёнаў эўра. Актывістаў сапсавалі квадратныя мэтрыЯк пацьвердзілі «Радыё Свабода» беларускія актывісты ў Вільні, два дамкі, якія належалі Друйскай парафіі, ужо зьнесьлі. У міжваенны час дзякуючы ахвяраваньням княгіні Магдалены Радзівіл іх набылі друйскія ксяндзы-марыяне. Кляштар айцоў марыян дзейнічаў у Друі цягам 1923-39 гадоў і быў заснаваны віленскім біскупам і генэралам ордэна Матулевічам. У сярэдзіне 1930-х друйскія марыяне адкрылі ў Вільні дом студый, куды накіроўваліся выпускнікі гімназіі.