У Гародні патрабуюць надаць Дзядам статус дзяржаўнага свята

Cям’я – гэта важна, і таму трэба прыходзіць на Дзяды і ўзгадваць памяць продкаў. У Гародні сабрана больш за 100 подпісаў за наданне Дню памяці продкаў Дзяды, якое адзначаецца 2-га лістапада, статусу дзяржаўнага свята. Подпісы збіраюць актывісты па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя”. Пра тое, як ідзе збор подпісаў, распавядае «Радыё Рацыя» кіраўнік гарадзенскай гарадской арганізацыі Яўген Дудкін:– У большасці нашыя падпісанты – гэта патрыёты, якія разумеюць, што Дзяды – гэта Дзень памяці памерлых. Гэта каталікі, гэта маладыя сем’і і людзі сталага веку, якія разумеюць, што Дзень кастрычніцкай рэвалюцыі не мае сёння ніякага значэння для грамадства. І адчуваюць, што сям’я – гэта важна, і таму трэба прыходзіць на Дзяды і ўзгадваць памяць продкаў. На думку Яўген Дудкіна, такога свята, як Дзень кастрычніцкай рэвалюцыі, увогуле не павінна быць у спісе дзяржаўных святаў:– Каб 2-га лістапада стаў у календары выходным замест 7 лістапада. Бо святкуюць яго камуністы і іх прыхільнікі.