У гонар перамогі пад Воршай герой-афганец прабег па Берасці з бел-чырвона-белым сцягам

Аляксандр Сахарук адзначыў Дзень беларускай вайсковай славы. Берасцеец Аляксандр Сахарук адзначыў Дзень беларускай вайсковай славы незвычайным чынам, паведамляе журналістка «Белсата» Ірына Дарафейчук. Былы афганец зладзіў прабег ад Берасцейскай крэпасці да цэнтру гораду, ушанаваўшы гэткім чынам гадавіну знакамітай бітвы пад Воршаю. «З сённяшняга дня гэта ў мяне будзе дзень абаронцы айчыны», – кажа Аляксандр Сахарук. 8-га верасня 1514-га года войска Вялікага княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай, кіраванае Канстанцінам Астрожскім, перамагло напад Маскоўскага княства. «Гетман Астрожскі не меў выбару, трэба было спыняць ворага, які кіраваўся ўглыб краіны. І яе значэнне ў тым, што войска шматкроць меншае, сама менш у два разы меншае за войска маскоўскае – хоць некаторыя маскоўскія даследчыкі хочуць гэта зняпраўдзіць, але беспаспяхова – разграміла войска ўдвая большае», – кажа гісторык Алесь Краўцэвіч. Бітва пад Воршаю была толькі эпізодам у серыі войнаў паміж Масквою і Вялікім княствам Літоўскім.