Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч даў старт новаму навучальнаму году ў Мінскім тэалагічным каледжы

На першы курс навучання ў каледж селета было залічана 18 навучэнцаў. Святой Імшой, цэлебрацыю якой узначаліў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, распачаўся новы навучальны год у Мінскім тэалагічным каледжы імя св. Яна Хрысціцеля, паведамляе catholic. by. На першы курс навучання ў каледж сёлета было залічана 18 навучэнцаў, якія набудуць у ім веды па тэалогіі, катэхетыцы і касцёльнай музыцы. Пасля паспяховага заканчэння навучальнай установы ім будзе прысвоена адпаведная кваліфікацыя. У сваёй гаміліі арцыбіскуп Кандрусевіч, звяртаючыся да выкладчыкаў і навучэнцаў, зазначыў, што гэта ўжо 9-ы навучальны год у Мінскім тэалагічным каледжы імя св. Яна Хрысціцеля. «Мы распачынаем гэты навучальны год у традыцыйны ў Беларусі Дзень ведаў, але з той розніцай, што мова ідзе перадусім пра рэлігійныя веды і пра духоўную фармацыю», — сказаў напачатку іерарх. Ён дадаў, што галоўным заданнем каледжа з’яўляецца падрыхтоўка катэхетаў і іншых касцёльных спецыялістаў.