Бітва пад Клецкам: як нашыя продкi cтрымалi татар

Напалоханы хан Менглі-Гірэй пачаў мірныя перамовы і на нейкі час ператварыўся ў хаўрусніка ВКЛ. Летам 1506 г. на Беларусь рушыла 20-тысячная конная арда, якую вялі крымскія «царэвічы» Біці і Бурнаш. Супраць яе выйшлі харугвы наваградскага, гарадзенскага і менскага рушання. 6 жніўня нашае войска на чале з князем Міхайлам Глінскім сустрэлася з ворагам непадалёку ад Клецка. Пад камандаю князя было каля 10 тысяч ваяроў, але адрозна ад захопнікаў яны мелі апрача лукаў і агняпальную зброю - ручніцы і некалькі гарматаў. Пад іх заслонай ліцьвіны загацілі дзве пераправы цераз раку Лань. Аднак правы фланг нашага войска паспяшаўся перабрацца на другі бераг і трапіў пад знішчальны націск лепшых татарскіх сечкароў. Князь Глінскі здолеў паскорыць пераправу астатніх сілаў, і харугвы «левай рукі» ўдарылі ўпоперак варожых загонаў. Шляхоцкая конніца ў сталёвых панцырах рассекла шыхты стэпавікоў на дзве часткі. Тым часам перайшло ў наступ і войска «правай рукі». Частка татараў апынулася ў абцугах і была пасечаная, астатнія ратаваліся ўцёкамі.