«Жыццё - Айчыне, гонар - нікому»: гicторыя беларускага рыцарства

Войска нашай дзяржавы было ўзброенае нароўні з арміямі іншых еўрапейскіх краінаў. Асноваю войска Вялікага Княства Літоўскага на працягу некалькіх стагоддзяў заставалася ўсеагульнае апалчэнне, якое называлася паспалітым рушаннем. Паводле закону вайскова-абавязанымі былі ўсе мужчыны, што валодалі зямлёй. Апрача таго, кожны шляхціч выстаўляў добра ўзброеных і навучаных ваяроў. Іх колькасць вызначалася велічынёй зямельных уладанняў. Бараніць краіну выпраўляўся адзін ваяр ад васьмі гэтак званых службаў (служба была роўная дзвюм сялянскім гаспадаркам). Дробны шляхціч, які не меў сялянаў, ішоў у войска толькі сам. Ад княжання Вітаўта адметную частку нашага войска складалі беларускія татары. Часам узброеныя сілы дзяржавы папаўняліся аддзеламі прафесійных наймітаў-іншаземцаў. Пастанову пра пачатак ваенных дзеянняў і скліканне паспалітага рушання прымаў вальны Сойм. Па ўсіх наветах рассылаліся вялікакняскія ганцы з загадамі-ўніверсаламі, дзе паведамлялася пра месца і час вайсковага збору.