«Калі мы памятаем сваіх продкаў – мы самі робімся мацнейшымі, як дрэва»

Аршанцы змагаюцца з уладамі за народны мемарыял. Да пяці тысячаў расстраляных паводле палітычных артыкулаў. Кабыляцкая гара на ўскрайку Воршы – месца, якое збірае слёзы нашчадкаў. Сярод кронаў і каранёў дрэваў тут хаваецца памяць пра ўласныя карані, перадае «Белсат». «Я хачу да кожнага крыжа, кожнага чалавека, бо кожны крыж гэта чалавек, іх шмат, пакласці даніну, якую магу – кветкі і памяць. Самае галоўнае – гэта памяць. Калі мы будзем памятаць, то нашае пакаленне будзе жыць», – кажа ўнучка расстралянага Дзіна Кацар. Зінаідзе Пашкевіч 95 гадоў. Яна памятае, як сям’ю разлучалі з бацькам. Жанчына распавядае:«Ён сеў на падлозе, і мы каля яго. Нам не дазвалялі нават прыхінацца да яго. Але мы ўсё лезлі да яго». Кабыляцкая гара – другое ўрочышча ў Беларусі, якое дзяржава афіцыйна прызнала месцам сталінскага тэрору. Калісьці тут стаяў помнік, але невядомыя сарвалі шыльду. Цяпер гэта проста валун. Дзяржава гэтае месца амаль забыла: яго даглядаюць або грамадскія актывісты, або нашчадкі бязвінна забітых.