«Вялікая вайна»: Як ВКЛ грамiла крыжакоў

Беларусы далi бой наймацнейшай ў тагачаснай Еўропе арміi. Нашае войска сустрэлася з ворагам 15 ліпеня 1410 г. на ўзгорыстым полі паміж тагачаснымі прускімі мястэчкамі Танэнбэргам і Грунвальдам. Тэўтонцы на чале з вялікім магістрам Ульрыхам фон Юнгінгенам зявіліся першыя і добра падрыхтаваліся да бітвы. Крыжакі размясцілі сваю наймацнейшую ў тагачаснай Еўропе армію ў дзве лініі на фронце 2,5 кіламетра на ўзвышшы. Поруч з немцамі стаялі рыцары з Англіі, Францыі, Швейцарыі ды іншых заходнееўрапейскіх краінаў. Наперадзе закутых у панцыры крыжацкіх «кліноў» знаходзіліся, як паведамляе «Хроніка Быхаўца», замаскаваныя дзёрнам «воўчыя ямы» - пастка для непрыяцельскай конніцы. За баявымі шыхтамі рыцараў чакалі сігналу арбалетнікі і бамбардзіры. Крыжакі выставілі 51 харугву - болей за 30 тысяч ваяроў. Войска Вітаўта і Ягайлы ўтварала роўны па даўжыні фронт з праціўнікам. Сорак харугваў Вялікага Княства знаходзіліся на правым фланзе. У складзе Вітаўтавых сілаў была татарская кавалерыя хана Джэлал-ад-Дзіна.