Павал Севярынец: Кампанія супраць рэстарану ля Курапатаў актывізуецца зь верасьня

У першай дэкадзе верасьня плянуецца мітынг у Курапатах. На пачатку верасьня абаронцы Курапатаў прэзэнтуюць адмысловы сайт, дзе будуць выкладзеныя ўсе матэрыялы наконт байкоту рэстарану «Поедем поедим». У першай дэкадзе верасьня плянуецца мітынг у Курапатах, паведамляе «Радыё Свабода». Такое рашэньне прынята ў пятніцу на штотыднёвым апэратыўным сходзе. Яго правёў сустаршыня БХД Павал Севярынец, які 16 жніўня выйшаў на волю пасьля 10 сутак арышту. «Пакуль кампанія байкоту ідзе мэтава, адрасна, паціху, але зь верасьня мы актывізуемся», — запэўніў Севярынец. У сьпісе актыўных пастаўшчыкоў і вытворцаў рэстарацыі «Поедем поедим» — фірма «Марозпрадукт» з Мар’інай Горкі, які пастаўляе марозіва «Плямбір 20 капеек»; Слуцкі хлебазавод, які вырабляе хлеб пад назвай «Бульбаш» (менскія хлебазаводы пасьля тлумачальнай працы адмовіліся ад паставак); «Е-дастаўка» — структура «Эўраопта», якая дастаўляе прадукты па Менскай вобласьці; «Бабруйскі бровар» (Лідзкі піўзавод пастаўляць піва адмовіўся), Vino&Vino, некалькі індывідуальных прадпрымальнікаў.