«Сьпявалі «Мы выйдзем шчыльнымі радамі» на ўсё Акрэсьціна»

Перамены ў Беларусі прыйдуць, адкуль не чакаеш, непрадказальна. Вулічныя пратэсты, затрыманьні, разгон намётавага мястэчка пасьля выбараў-2006 і шматлікія пагрозы выключэньня з унівэрсытэту — былая актывістка «Маладога фронту» Маўлюда (Людвіся) Атакулава распавядае пра змагарнае мінулае і айцішнае сёньня на Радыё Свабода. Сотні студэнтаў падпісваліся ў яе абарону«Рыхтуйся, цябе будуць выключаць», — папярэдзіла кіраўніцтва Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўнівэрсытэту сваю студэнтку, маладафронтаўку Маўлюду (Людвісю) Атакулаву пасьля шэрагу затрыманьняў і адміністрацыйных зьняволеньняў. Лісты з сотнямі подпісаў у падтрымку Людвісі студэнты БДЭУ накіравалі ў дэканат: «У маю абарону падпісваліся нават тыя студэнты, якіх я асабіста ня ведала». Кожнага падпісанта пэрсанальна выклікалі на размову ў дэканат. Ураджэнка Жыткавічаў Маўлюда Атакулава да «Маладога фронту» далучылася, калі паступіла на першы курс менскай ВНУ ў 2006 годзе. «У мяне мама — даўняя і цяперашняя сяброўка Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ, і яна выхоўвала мяне на беларускіх нацыянальных каштоўнасьцях ды ў духу свабоды», — кажа Людвіся.