Хто жыў у доме Караткевічаў у Воршы?

Дом беларускага класiка плануюць прадаць у верасні 2018 года. «У горадзе без тралейбусаў, над імклівай нямоўчнай ракой, на вуліцы Касманаўтаў – хата маці маёй, На вуліцы Касманаўтаў, дзе ўлетку бубняць чмялі, на самай мне любай вуліцы з усіх, што ёсць на зямлі…», – пісаў Уладзімір Караткевіч пра дом сваіх бацькоў у Воршы. Дом па вуліцы імя Уладзіміра Караткевіча – 10. Гэта дом, у якім сям’я Караткевічаў жыла пасля Другой сусветнай вайны. Дом, у якім жыў Уладзімір Караткевіч ў дзяцінстве, быў знішчаны падчас вайны. Той дом быў вялікі, а гэты – зрабілі з перавезенай з вёскі хаты ў 1946 года – была такая практыка ў пасляваенных гарадах, паведамляе «Радыё Рацыя». Хто жыў у доме? Адразу пасля вайны ў доме жылі: маці Уладзіміра Караткевіча – Надзея Васільеўна, бацька Сямён Цімафеевіч, сястра Наталля, сам Уладзімір Караткевіч і пляменніца Раіса – дачка старэйшага брата Валерыя, які загінуў на фронце. У 1959 годзе памёр бацька Уладзіміра Караткевіча, У 1967 годзе маці пераехала да Уладзіміра Караткевіча ў Менск.