Падайце ўраду на выжыванне!

За гады існавання СНД адбывалася шмат чаго, але такое. . . Улады Кыргызстана прапанавалі грамадзянам скінуцца і агульнымі намаганнямі пагасіць знешні доўг, які дзяржава аплачваць не ў стане. Дарэчы, кыргызскія пазыкі не такія ўжо і вялікія. Яны складаюць 4,4 мільярда долараў ЗША (да прыкладу, знешні дзяржаўны доўг Беларусі па стане на 1 чэрвеня 2018 года склаў 16,4 мільярда долараў). Але ў Кыргызстане праблема з аплатай дзярждоўгу існуе. Інакш бы на пачатку лета прэм’ер Мухамедкалый Абылгазіеў фактычна не абвясціў дэфолт — публічна прызнаўся, што ў бюджэце няма сродкаў плаціць па знешніх крэдытах, большасць з якіх былі атрыманыя з суседняга Кітаю. Праўда, афіцыйнай заявы пра дэфолт яшчэ няма. Магчыма таму ў нетрах урадавага апарата паўстаў геніяльны план выратавання сітуацыі. Чыноўнік разлічылі, што на кожнага грамадзяніна прыходзіцца па 800 долараў дзярждоўгу, што, у прынцыпе, не самая завоблачная сума. Асабліва калі ўлічыць, што амаль у кожнай кыргызскай сям’і нехта працуе за мяжой.