Нямецкi журналiст пра Беларусь: Гэтая краіна валодае магічнымі сіламі!

Як немец закахаўся у ў нашую краiну. Калі я ўпершыню паехаў у Беларусь у 1994 годзе, бацькі пазіралі на мяне як на вар’ята. Ім было б больш даспадобы, каб я, як усе нармальныя людзі, скіраваўся на Коста Браву ці Лазурны Бераг. Маіх бацькоў у першую чаргу пужала тое, што яны анічога не чулі пра гэтую дзяржаву — Беларусь ці Вайсруслянд, як кажуць у нас дагэтуль. Што гэта за край такі? І дзе ён увогуле знаходзіцца? Інтэрнэт тады яшчэ хадзіў у дзіцячых штоніках і выдаваў вобмаль інфармацыі. Кнігі пра Беларусь? Старонка не знойдзена. Артыкулы пра Беларусь? Жадаем поспехаў. Але мне было даспадобы адчыняць краіну, пра якую ніхто нічагусенькі не ведаў. Я здаваўся сабе Джэймсам Кукам ХХ стагоддзя. Тут я навучыўся піць самагон так, каб не зваліцца пад стол, даведаўся, што тутэйшыя балотныя абшары поўняцца містычнымі істотамі, а таксама навучыўся казаць «я кахаю цябе» па-беларуску: Ja kahaju zjabe. Беларуская мова — глыбока паэтычная ды казачная. Што выклікае неймавернае здзіўленне, калі ўзгадваеш пра ўсё тое гора, якое выпала на долю гэтага краю.