Бункер для дыктатара

Аўтарытарныя лідэры гатовыя кіраваць нават з-пад зямлі. Чым даўжэй чалавек ва ўладзе, тым больш дзівацкія думкі наведваюць ягоную галаву. Пачаўся адлік 25-га году «прэзыдэнцтва» Аляксандра Лукашэнкі. Як сьведчыць практыка іншых доўгажыхароў ва ўладзе, досыць небясьпечная рыса ў трактаваньні ўласнай значнасьці на гістарычным адрэзку, паведамляе «Радыё Свабода». Ведаеце, хто зьбіраўся працягнуць людзкі род пасьля Трэцяй сусьветнай вайны? Альбанскі лідэр Энвэр Ходжа. Натуральна, не адзін — з тысячай набліжаных суайчыньнікаў-ілірыйцаў (альбанец «са знакам якасьці», накшталт арыйцаў у Нямеччыне). Калі б пасярод халоднага супрацьстаяньня на гарызонце раптам вырас ядзерны грыб, кучка зямлянаў узнаўлялася б у сакрэтным бункеры побач з Тыранай. У сярэдзіне 1980-х, пасьля бясслаўнага фіналу альбанскага дыктатара, элітнае супэрсховішча было закінута і памалу занепадала. Некалькі гадоў таму яго аднавілі як урок магчымым наступнікам, апантаным ідэяй беспакаранай велічы. Можна толькі здагадвацца, якія таямніцы ў свой час адкрыюцца беларусам.