Курапаты: 30 гадоў абароны

Лінія гэтай абароны праходзіць праз галовы і душы людзей. З таго дня, калі галоўны рэдактар штотыднёвіка Саюза беларускіх пісьменнікаў «Літаратура і мастацтва» Анатоль Вярцінскі змясціў у нумары ад 3 чэрвеня 1988 года артыкул мастацтвазнаўцы Зянона Пазьняка і інжынера Яўгена Шмыгалёва «Курапаты — дарога смерці» з прадмовай Васіля Быкава. У артыкуле было даказана, што ў лясным урочышчы плошчай больш за 26 гектараў на паўночна-ўсходнім ускрайку Мінску ў 1932–1941 гадах савецкія органы бяспекі расстралялі сотні тысяч ні ў чым не вінаватых людзей. Пра гэтую трагедыю на курапацкіх пагорках і сёння сведчаць каля 510 западзінаў — пахаванні нашых з вамі продкаў і суайчыннікаў. Cвядомыя і сумленныя жыхары Беларусі бароняць Курапаты штодзённа і паўсюдна — ад знявагі, бяспамяцтва і фізічнага знішчэння. Лінія гэтай абароны праходзіць праз галовы і душы людзей, якія ўсё больш разумеюць, што савецкі таталітарны рэжым знішчаў у Курапатах самых таленавітых, адукаваных і працавітых. Вось чаму адразу пасля адкрыцця таямніцы ўрочышча яно стала месцам паломніцтва сваякоў і духоўных нашчадкаў бязвінных ахвяраў, якія былі расстраляныя за вольную, незалежную і квітнеючую Беларусь.