Парад крывадушнасці

Марнаваць грошы, траўміраваць сон, здароўе дзяцей, трушчыць вуліцы тэхнікай — гэта занадта. Разумею, што іду насуперак настрою многіх беларусаў, ды кажу, што мне абрыдзеў ваенны парад і яго рэпетыцыі. Не заклікаю адмяняць відовішча, бо ёсць юбілейныя даты, дзе яно да месца, калі праводзіцца без пампезнасці. Але штогод марнаваць грошы, траўміраваць сон, здароўе дзяцей, трушчыць вуліцы тэхнікай — гэта занадта. Патрыятызм такім чынам не выхоўваецца. Сёлетні парад, які А. Лукашэнка аб’явіў лепшым у навейшай гісторыі Беларусі, яшчэ раз прадэманстраваў безгаспадарчасць, разгульныя, купецкія замашкі рэжыму. Падстаў праводзіць яго не было. Проста правіцелю і яго чэлядзі падабаецца красавацца ў вайсковых мундзірах на трыбунах, адчуваць абсалютную ўладу не толькі над калонамі салдат, афіцэраў і цывільных, якія праходзяць унізе, але і над усім насельніцтвам. З другога боку, на відовішчы ёсць запатрабаванасць у гараджан, якія не ходзяць у філармоніі, тэатры, мастацкія галерэі, музеі, бібліятэкі, дзе трэба працаваць галавою, душою і сэрцам, а выбралі сабе самую простую ролю — элементарных зявак.