Князь Міхаіл Глінскі: гульні вакол двух тронаў

Таямніцы лёсу аднаго з самых супярэчлівых беларускіх магнатаў. Самыя розныя і супярэчлівыя ацэнкі заслужыў князь Міхаіл Глінскі. Так звычайна бывае з яскравымі асобамі, мяцежная душа якіх штурхае іх на авантурныя ўчынкі. Вядомы нямецкі дыпламат Сігізмунд Герберштэйн называў яго «чалавекам выдатнай вопытнасці і рэдкай доблесці». Другі сучаснік Глінскага — кароль польскі і вялікі князь літоўскі Жыгімонт Казіміравіч — гняўліва абвінавачваў яго ў дзяржаўнай здрадзе і атручванні свайго брата і папярэдніка Аляксандра Казіміравіча. Гісторыкам Міхаіл Глінскі ўяўляўся авантурыстам і інтрыганам без якіх-небудзь маральных прынцыпаў. Дзеля сваіх інтарэсаў ён прадаваў сваіх гаспадароў, здраджваў прысязе і расплачваўся трагедыяй свайго жыцця. Нашчадак татарскіх ханаў князь Глінскі зрабіў бліскучую кареру. У маладосці ён служыў імператару Свяшчэннай Рымскай імперыі Максіміліяну і саксонскаму герцагу Альберту. Дзейны і амбіцыйны князь спадабаўся вялікаму князю Аляксандру Казіміравічу, і той наблізіў яго да сябе, надаўшы яму пасаду дворнага маршалка — распарадчыка вялікакняжацкага двара.