Мінчанка з балам атэстата 10 і 100 баламі па ЦТ: Дома ў нас гучыць толькі беларуская мова

Паступаць дзяўчына будзе ў БДУІР. «Наша Ніва» пагаварыла са школьніцай, якая набрала 100 балаў на ЦТ па беларускай мове. Настасся Краснова — выпускніца 15-й мінскай гімназіі, абсалютная выдатніца з сярэднім балам атэстата 10!Дзяўчына кажа, што вырашыла здаваць беларускую мову, бо ў яе сямі гавораць па-беларуску. «Мае бацькі працуюць на «Беларусьфільме», дома гучыць толькі беларуская мова. А таксама я апошнія 4 гады ўдзельнічала ў алімпіядах па мове», — кажа яна. «З бацькамі я гавару па-беларуску, натуральна. Але ў паўсядзённасці я гавару збольшага па-руску. Але часта збіваюся і пачынаю шчабятаць па-нашаму. Ёсць жаданне, канечне, цалкам перайсці на беларускую мову. Але я блытаюся, калі са мной гавораць на іншай мове, паглядзім», — дадае Настасся. Паступаць дзяўчына будзе ў БДУІР, хоча быць праграмістам, здавала яшчэ матэматыку і фізіку — па другім прадмеце нават удзельнічала ў алімпіядах (але вынікі пакуль невядомыя — НН. )Матывацыя такая, што «з дыпломам юрыста-эканаміста работы не знойдзеш», а з тэхнічнай адукацыяй падабраць нешта лягчэй.