На Пружаншчыне асвяцілі помнік паўстанцам 1863-1864 гадоў

Асвячэнне помнiка адбылося ля вёскі Ласасін Пружанскага раёну. Ля вёскі Ласасін Пружанскага раёну адбылося асвячэнне помніка палеглым паўстанцам 1863-1864 гадоў, паведамляе “Радыё Рацыя”. На ўрачыстасцях прысутнічалі сябры мясцовай філіі Таварыства беларускай мовы (ТБМ), прадстаўнікі інтэлігенцыі з Берасця, Гародні, Пружанаў, а таксама святары. Свой верш зачытаў колішні галоўны рэдактар пружанскай газеты „Раённыя будні”, адзін з тых, хто аднаўляў помнік напрыканцы 80-х гадоў, Мікола Антаноўскі:– Помніць край сасновы, верасовы, як з “Мужыцкай праўдаю” на прызбах, дзецюкі і хлопцы кастусёвы зрэбнаю свабодай трызнілі. А пасля, абняўшы сохі з жалем, косы – з-пад застрэшкаў і – наўсторч… Касінераў без труны хавалі, палажыўшы пад галовы корч. Ды не гэта страшыла іх душы. Горш за смерць – пазбавіцца надзей. Будуць маскалі, паны, чынушы дзерці і далей сем шкур з людзей. Хай палеглі тут, у вольнай пушчы, зіпуны і світкі на зары. Мой народ, я веру, неўміручы. Бо нашчадкам Волю падарыў.