Польскія школы ў Гародні і Ваўкавыску змагаюцца за першыя класы

Праблема ў польскіх школах у Беларусі з’явілася ўжо тры гады таму. Дзве польскія школы працуюць у Беларусі, і абедзве – на Гарадзеншчыне. Ахвотных вучыцца ў іх – традыцыйна шмат, аднак трапіць у іх – часам праблематычна. Чаму так адбываецца? Пра гэта ды іншае з размаўляем з госцей ранішняга эфіру «Радыё Рацыя», а гэта – старшыня Галоўнай Рады непрызнаванага ўладамі Саюза палякаў у Беларусі Анжаліка Арэхва. - У Беларусі працуе дзве школы з польскай мовай навучання: у Гародні школа №36 і Ваўкавыску школа №8. Дзеля месца ў польскамоўнай школе бацькі зноў дзяжурылі па начах. Чаму так адбываецца? — Гэтая праблема ў польскіх школах у Беларусі з’явілася ўжо тры гады таму, калі ўлады пачалі абмяжоўваць доступ да першых класаў у школах. Напрыклад, улады вырашылі, што ў Гародні колькасць першых класаў павінна быць абмежаваная да двух класаў. Першы раз такая сітуацыя здарылася ў 2015 годзе, і тады акурат бацькі былі вымушаныя стаяць у чэргах, рабіць спісы і гэтак далей. Цяпер сітуацыя выглядае так, што яшчэ ўвосень бацькі пачалі звяртацца да ўладаў у галіне адукацыі з просьбай арганізаваць большую колькасць першых класаў, паколькі толькі на падрыхтоўчыя заняткі ў польскай школе ў Гародні пажадала хадзіць 75 дзяцей.