Мая дарога да Быкава

Упершыню з творчасьцю Быкава я сутыкнуўся пад канец 1960-х. Тады для мяне, падшпарка на падляскім хутары без электрычнасьці, амаль што адзіным спосабам лучнасьці з вонкавым сьветам культуры і літаратуры было радыё на батарэйках. Недзе ў 1968 або 1969 я пачуў на Польскім радыё п’есу пра ўцёкі зь нямецкага канцлягеру савецкага салдата Івана і італьянскай дзяўчыны Джуліі. Радыёпастаноўка называлася «Альпійская баляда», і яе назва ды сюжэт ўрэзаліся ў памяць на ўсё жыцьцё. Тое, што радыёп’еса ўзьнікла на падставе аднайменнай аповесьці Васіля Быкава, дайшло да мяне значна пазьней, ужо ў студэнцкія гады, калі пад канец 1970-х я пачаў больш-менш мэтанакіравана знаёміцца зь беларускай літаратурай, у першую чаргу праз старыя гадавікі «Маладосьці» і «Полымя», якія былі ў беларускім клюбе ў Варшаве. Тады я прачытаў у часопісных варыянтах «Мёртвым не баліць» і «Сотнікава»; у кнігарні зь беларускімі кнігамі ў Беластоку купіў «Пайсьці і не вярнуцца» ды «Яго батальён» пад адной вокладкай; у кнігарнях у Варшаве знайшоў польскія пераклады некаторых іншых аповесьцяў Быкава.