Вялікі ідэаліст і канспіратар: як Тадэуш з-пад Магілёва рыхтаваў паўстанне 1863 году

Невядомыя старонкі з жыцця Тадэвуша Чудоўскага з Чэрыкаўскага павету. У паэта і драматурга Дуніна-Марцінкевіча ёсць вершаванае апавяданне “Літаратурныя клопаты”, у якім распавядаецца пра нялёгкае становішча літаратара, якому ўздумалася пісаць на беларускай – “мужыцкай” – мове. Але сярод адукаваных людзей былі і такія, якія падтрымлівалі беларускі культурны рух, піша Веснік Чэрыкаўшчыны. Наш класік душой адпачываў у маёнтку Шчаўры былога Сенненскага павета. Пра сваё гасцяванне у маёнтку, якім валодаў аматар беларушчыны Юлій Рашкоўскі, брат якога быў у Чэрыкаўскім павеце прадвадзіцелем дваранства у гэты час, паэт пісаў у гэтым апавяданні:“Малады ён і багаты, а не ганарысты, прадстаўляе мне суседзяў ветла, урачыста. То з-пад Лепеля прыехаў павел з Пацейкова, то Тадэуш – лепшы сябра – аж з-пад Магілёва…”. Пералік гэты пісьменнікам не прыдуманы, мае пад сабой рэальную аснову. “Тадэуш з-пад Магілёва” – гэта, несумненна, Тадэвуш Чудоўскі, адметная постаць культурна-грамадскага жыцця Беларусі таго часу.