Андрусь Горват выдаліў сваю старонку ў «Фэйсбуку»

Пісьменнік хоча новую старонку, дзе будуць толькі сябры і спакойная цішыня. Пісьменнік Андрусь Горват вырашыў канчаткова выдаліць сваю старонку з «Фэйсбука». Так ён тлумачыць сваё рашэнне:«Ведаеце, я вырашыў, што ўсё-такі канчаткова выдалю гэтую сваю фэйсбучную старонку. Доўга сумняваўся, таму што фрэнды і лайкі — гэта сацыяльны капітал, хуткі спосаб рашыць амаль любую праблему. І не толькі маю. Ну і — прадаваць кнігі. Выпадкова я змог пабудаваць паралельны свет, які працаваў лепей за рэальны. Але цяпер мне гэта не прыносіць кайф, як і цягнуць за сабой мех з ценямі. Я хачу сабе новую старонку, дзе не будзе фрэндаў, фанатаў, ворагаў, журналістаў, публічных заяў і літаратурнай разні. Там будуць толькі сябры. І спакойная цішыня, якую я люблю. Тая цішыня, ў якую я пісаў пра мятлу дворніка і першую ноч у дзедавай хаце. Цішыня — гэта калі на спінах ляжаць дохлыя мухі, сонца рассейваецца праз нямытую шыбу, Куст палыну звісае са столі. У ім жывуць павукі. Я люблю цішыню. Мне яе ўвесь час мала.