У Менску адкрылася выстава, прысьвечаная 100-годзьдзю абвяшчэньня БНР

4 красавіка ў менскім Палацы мастацтва адкрылася выстава «Код: 25. 03. 2018». Яна працягвае цыкль сьвяточных імпрэзаў, прысьвечаных 100-годзьдзю абвяшчэньня Беларускай Народнай Рэспублікі. Творцы розных пакаленьняў імкнуліся паказаць, што мары і ідэалы заснавальнікаў БНР актуальныя і сёньня, прымушаюць задумацца пра лёс краіны, паведамляе «Радыё Свабода». Увазе наведнікаў прапанавана некалькі дзясяткаў карцін, габэленаў, скульптур, тканых вырабаў. Сярод аўтараў — Аляксей Марачкін, Мікола Купава, Алесь Цыркуноў, Мікола Назарчук, Іван Андрасюк, Аляксей Панцюк-Жукоўскі, Уладзімер Голубеў, Мікола Рыжы, Андрэй Дубінін, Сьвятлана Баранкоўская, Уладзімер Вішнеўскі, Леанід Хобатаў, Гэнік Лойка ды многія іншыя.