«Было высокае, якое проста захлынала, адчуванне Волі»

Чаму важна правядзенне Марша годнасці і волі 25 сакавіка. Адзін з лідэраў БНК, паэт і кандыдат у прэзідэнты Беларусі Уладзімір Някляеў ў інтэрв’ю «Народнай Волі» узгадаў, як святкавалі 75 угодкі абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі і правёў паралелі з сённешнімі падзеямі:— Я вельмі добра, нібы гэта было ўчора, памятаю 25 сакавіка 1993 года. Дзень Волі, 75-годдзе БНР. Тады таксама на сцэне спявалі, каля сцэны танцавалі, за сцэнай прадавалі і куплялі сувеніры, але запомнілася, як свята, шэсце. Тая энергія, тая сіла, той рух, тая бел-чырвона-белая вольная плынь, якой, здавалася, не будзе спыну, якая цякла і цякла па Мінску, па ўсёй Беларусі.