Скульптар Засімовіч: З дошкай да 100-годзьдзя БНР пасьпяваем да 20 сакавіка

Беларускi скульптар усьцешаны, што мае шанец спрычыніцца да гістарычнага моманту. 1 сакавіка кіраўніцтва Менскага гарвыканкаму дало дазвол на ўстаноўку мэмарыяльнай дошкі на вуліцы Валадарскага, 9, дзе 25 сакавіка 1918 годзе была абвешчаная незалежнасьць Беларускай Народнай Рэспублікі, паведамляе «Радыё Свабода». На наступны дзень цягам трох гадзін неабыякавыя беларусы сабралі на краўдфандынгавай плятформе «Талака» больш за 3 тысячы даляраў для вырабу знаку з бронзы — бюджэтны варыянт, адліты 25 гадоў таму са сплаву алюмінію і крэмнію, стаў непрыдатным.